Ю, ю (назва — ю) — знак большасьці славенскіх кірылічных азбукаў (29-ы ў баўгарскай, 31-ы ў беларускай, 32-і ў расейскай і ўкраінскай; з сэрбскае выняты ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя, у македонскай, пабудаваны па ўзоры новае сэрбскае, не ўводзілася). Выкарыстоўваецца таксама ў пісьменствах некаторых неславенскіх моваў. У кірыліцы звычайна лічыцца 33-м па парадку (), у глаголіцы па ліку 34-ы (). Лікавага значэньня не мае. Назва ў славенскай азбуцы супадае з сучасным — «ю»; у стара- і царкоўнаславенскім мовах так гучыць вінавальны склон ад займеньніка она (па-бел. яе), але супадзеньне гэтага слова з назвай знаку можа быць і выпадковым. Паходжаньне кірылічнага знаку — грэцкая злука знакаў IO, для глагалічнай формы агульнага погляду паходжаньня няма.